САЎМА́КА ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне скіфаў у Баспорскай дзяржаве ў 107 да н.э., якое ўзначаліў правадыр баспорскіх скіфаў Саўмак. Пачалося ў Пантыкапеі (цяпер г. Керч, Украіна) у час перагавораў пантыйскага палкаводца Дыяфанта з баспорскім царом Перысадам V аб перадачы ўлады над краінай пантыйскаму цару Мітрыдату VI Еўпатару, што значна ўзмацніла б эксплуатацыю скіфскага насельніцтва (залежных сялян, рамеснікаў, рабоў). Саўмак забіў Перысада, а Дыяфант уцёк у Херсанес. Паўстанцы авалодалі ўсёй еўрап. ч. Баспора і Саўмак стаў царом Баспора (кіраваў каля года). Пасля працяглай падрыхтоўкі Мітрыдат VI накіраваў у Сінопу (гл. Сіноп) карную экспедыцыю на чале з Дыяфантам, да якой у Крыме далучаны херсанескія атрады. Войскі Дыяфанта занялі Феадосію, прайшлі Керчанскі п-аў і захапілі Пантыкапей. С.п. было задушана, Саўмак трапіў у палон (пазней пакараны смерцю), а Баспорская дзяржава перайшла пад уладу Мітрыдата VI.
т. 14, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)